Категории: Выставка Из жизни Планетария
“Квіток на зоркалёт”.
Выстава жывапісу Анастасіі Балыш
Мінскі Планетарый разам з мастачкай Анастасіяй Балыш рыхтуе касмічна-мастацкае падарожжа. Паляцім да зорак сваіх мар. У якасці лётнага апарата Анастасія Балыш прапануе скарыстаць зоркалёт, а кожная яе карціна стане прыпынкам у фантастычным падарожжы маляўнічых летуценняў, якія знітоўваюць зямлю і неба, чалавека і зоркі, мары і рэчаіснасць.
Урачысты старт адбудзецца 12 верасня ў 19.20 у фае Планетарыя. А ў 20.00 у зорнай зале прапануем накіравацца ў падарожжа віртуальна-касмічнае і паглядзець маляўнічы дакументальны фільм і зорнае неба на купале Планетарыя. А пасля завітаць у Абсерваторыю, каб паглядзець на зоркі ў тэлескоп.
Анастасія Балыш скончыла БДПУ імя М.Танка, Маскоўскі гештальт інстытут. Удзельніца творчага аб’яднання “Мастак”. Намінантка прэміі Цёткі-2016 за лепшае афармленне кнігі для дзяцей і падлеткаў. Карціны захоўваюцца ў Мядзельскім музеі народнай славы, музеі-запаведніку “Заслаўе”, калекцыі карцін “Tears of Happiness” (UK, Oxford, University College, MCR) і іншых зборах Беларусі і замежжа.
Для ўсіх аматараў зорных падарожжаў выстава “Квіток на зоркалёт” будзе адкрыта ў фае мінскага Планетарыя з 10 верасня па 25 кастрычніка ў час працы Планетарыя.
Уваход на выставу вольны.