Категории: Акции Выставка Из жизни Планетария
Зорнае неба вачамі беларусаў
Выйшлі ў абарачэнне паштовыя маркі на тэму “Зорнае неба вачамі беларусаў” з серыі “Астраномія”. Праект падрыхтаваны “Белпоштай” у супрацоўніцтве з мінскім Планетарыем. Тыраж марак па 40 тысяч.
Старажытныя славяне назіралі за астранамічнымі аб’ектамі для арыентацыі ў прасторы і часе. Са з’яўленнем нябесных свяціл звязвалі змены пор года і часу сутак. Усе яны мелі ўласныя назвы, якія адрозніваюцца ад звыклых нам сёння.
На марках найбольш заўважныя і пазнавальныя аб’екты зорнага неба, якія ў народнай традыцыі мелі некалькі варыянтаў назваў. Для выяў на марках абраны найбольш распаўсюджаныя.
Капэла – самая яркая зорка ў сузор’і Вознік. У Беларусі зорку Капэла называлі Казой. Каза – зорка, якая першая з’яўляецца на небе на Каляды. З яе з’яўленнем садзяцца есці куццю.
У сузор’і Цяльца размешчана зорнае скопішча Плеяды – у беларускай традыцыі Стажар’е ( уяўлялася як сукупнасць жэрдак для асновы стога).
У сузр’і Арыён нашы продкі вылучалі тры цэнтральныя зоркі. Гэта так званы Пояс Арыёна, адна з беларускіх назваў якога – Тры Касцы.
Сузор’е Вялікая Мядзведзіца ў Беларусі называлі Возам, а Млечны шлях (на канверце “Першы дзень”) уяўляўся нашым продкам суцэльнай белай паласой уздоўж неба, ніба дарога для птушак, па якой яны ляцелі ў вырай, г.зн. Птушыны Шлях.